Вместе с педагогами - о патриотическом воспитании

Поле мужнасці

"Настаўніцкая газета" 22.06.2021 - 11:00 Родная зямля Буйніцкае поле — адзін з сімвалаў мужнасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут, пад Магілёвам, у 1941-м амаль на месяц было спынена наступленне танкавых і пяхотных часцей Вермахта на ўсход. Толькі за адзін дзень баёў (12 ліпеня) чырвонаармейцы і байцы народнага апалчэння падбілі 39 варожых танкаў. Там, дзе 80 гадоў назад былі варонкі ад снарадаў, сёння красуюць рознакаляровыя кветкі, дзе гучалі крыкі салдат — чуецца дзіцячы смех, а замест дыму ад выстралаў і ўзрываў — аблокі, якія павольна плывуць на фоне блакітнага летняга неба.
развернуть

Ніколі не забыць

Сваю славу Буйніцкае поле набыло не толькі дзякуючы подз­вігам салдат 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра М.Ц.Раманава, а таксама байцоў батальёна народнага апалчэння. Невядома, ці гаварылі б і пісалі так актыўна ў Савецкім Саюзе пра муж­насць і стойкасць чырвонаармейцаў на гэтым кавалку зямлі ў ваколіцах Магілёва, калі б 13 і 14 ліпеня Буйніцкае поле не наведаў ка­рэспандэнт Канстанцін Сіманаў і фатограф Павел Трошкін. Гэта ён зрабіў знакаміты здымак разбітай нямецкай тэхнікі на подступах да Магілёва, а Канстанцін Сіманаў расказаў у “Известиях” пра баі пад Магілёвам у нарысе “Гарачы дзень”, а таксама ў сваім дзённіку і трылогіі “Жывыя і мёртвыя”. Хоць сам Сіманаў і не быў сведкам баёў, якія адбыліся 12 ліпеня, аднак яго настолькі ўразілі аповеды салдат і выгляд знішчанай варожай тэхнікі, што пісьменнік завяшчаў развеяць свой прах над Буйніцкім полем. “Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыць, — поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашы на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў…”, — пісаў Канстанцін Сіманаў.

Знайсці імя

Менавіта К.Сіманаў першым паведаміў пра мужнасць чырвонаармейцаў пры абароне Магілёва. Сёння пра гэтыя подзвігі расказваюць юныя краязнаўцы, удзельнікі пошукавых атрадаў. Адзін з іх працуе ўжо 25 гадоў у Раманавіцкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Алега Уладзіміравіча Пускова. Чаму з усіх напрамкаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання асноўным у раманавіцкай школе быў выбраны менавіта пошукавы рух? Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны Голахавай, ­удзел у пошукавым руху носіць выключна практычны характар: падчас работы з архіўнымі матэрыяламі, перапіскі з роднымі байцоў, якія ваявалі пад Магілёвам, вучні аднаўляюць імёны загінуўшых воінаў. Удзельнікі атрада “Памяць” таксама цесна ўзаемадзейнічаюць з грамадскімі арганізацыямі, у першую чаргу Магілёўскім абласным гістарычна-патрыятычным пошукавым клубам “Віккру”, а з 2009 года школьны атрад з’яўляецца структурным пад­раздзяленнем гэтага грамадскага аб’яднання.

Яшчэ адна з адметных па­дзей у гісторыі клуба адбылася ў 2004 го­дзе, калі жыхарамі вёскі Васькавічы Чавускага раёна быў зной­дзены сейф са штабнымі дакументамі ­20-га механізаванага корпуса. Сейф быў закапаны чырвонаармейцамі ў ліпені ­1941-га пры спробе прарыву з нямецкага акружэння. “Дакументы праляжалі ў зямлі больш за 60 гадоў, таму былі моцна пашкоджаны. Гэта былі наскрозь прамоклыя, часткова сапсаваныя спісы: прадстаўленні да ўзнагароджання, данясенні аб захаванасці матэрыяльнай часткі і стратах, атэстацыйныя характарыстыкі і спісы беззваротных страт радавога і каманднага складу. Звесткі вельмі каштоўныя, паколькі дакументы былі схаваны пры выхадзе з акружэння і ёсць усе падставы меркаваць, што салдаты і афіцэры, названыя ў гэтых спісах, да сённяшняга часу лічацца зніклымі без вестак. Акрамя таго, былі выяўлены рэляцыі да ўзнагароджання чырвонаармейцаў, якія здзейснілі подзвігі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі”, — паведаміў Алег Уладзіміравіч.

Хоць дакументы і былі знойдзены на тэрыторыі Чавускага раёна, аднак, безумоўна, байцы, імёны якіх пазначаны ў дакументах, змагаліся і на тэрыторыі Магілёўскага раёна. На жаль, баявы шлях корпуса быў нядоўгі, аднак імёны яго байцоў, іх лёс, безумоўна, вартыя даследавання. Работа са спісамі працягваецца, вывучэнне лёсу байцоў 20-га механізаванага корпуса з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці пошукавага атрада “Памяць”. Напрыклад, у студзені гэтага года да кіраўніка атрада звярнуліся сваякі Мікалая Іванавіча Іотчанкі, 1921 г.н., з просьбай дапамагчы ім занесці імя сваяка, які загінуў 1 ліпеня 1941 года, у электронную базу даных.

“Пошук часам прыносіць самыя нечаканыя вынікі. У сакавіку мінулага года на маю электронную пошту прыйшоў такі ліст: “Звяртаюся да вас з вялікай просьбай аб дапамозе, я шукаю месца пахавання майго дзеда, — зачытвае Алег Уладзіміравіч. — Усё, што мне вядома з аповедаў старэйшай сястры, што ён загінуў у 1942 го­дзе, як мяркуецца, пад Магілёвам. Са слоў сястры, якая памятае аповеды бабулі, пахавальны ліст тая атрымала на 40 дзень пасля нараджэння свайго сына — майго бацькі. Здаецца, дзядуля быў танкістам. Ён пахаваны ў брацкай магіле. Я была зусім маленькай, калі бацьку прыйшоў ліст з Беларусі ад пошукавага атрада, пісалі школьнікі, і іх з бабуляй запрасілі наведаць месца пахавання. Тата з бабуляй наведалі гэтае месца, ёсць некалькі фатаграфій. Наша сям’я перажыла два пажары і, на жаль, ні лістоў, нічога больш не засталося, а я не магу знайсці сабе месца. Сама займаюся патрыятычнай работай, працую з ветэранамі, а вось аб сваім родным чалавеку нічога не ведаю”.

Даць станоўчы адказ на гэты запыт Алегу Уладзіміравічу дапамог яго шматгадовы пошукавы вопыт. Ён успомніў, што на помніку над брацкай магілай у вёсцы Ух­лясць Быхаўскага раёна ён сустракаў названае ў лісце прозвішча. Калі разам з юнымі пошукавікамі настаўнік вы­ехаў у вёску, то пераканаўся, што прозвішча Магафураў сапраўды ёсць на помніку. Фота помніка было выслана родным салдата. Неўзабаве прыйшоў і адказ. “Добры дзень! Алег Уладзіміравіч! Я зараз толькі праверыла пошту і маё сэрца разрываецца ад радасці і болю адначасова. Гэта велізарны цуд!!! Я бязмерна вам ўдзячная!!! Цяпер няма, напэўна, тых слоў, каб выказаць падзяку. Нізкі паклон ад нашай сям’і. Вы для нас цяпер сябар, мы заўсёды рады будзем вам. Пастараемся ў гэтым годзе летам прыехаць да месца пахавання дзядулі”, — з хваляваннем зачытаў ліст педагог.

Пасля такіх момантаў разумееш, наколькі важнай работай займаюцца ўдзельнікі пошукавых атрадаў. Улюбёны ў сваю справу чалавек абавязкова перадасць гэтую любоў іншым людзям. Да пошукавага руху Алег Уладзіміравіч далучыў не толькі вучняў, але і калег. “Я памятаю, як мой дзядуля расказваў пра вайну, паказваў свае ўзнагароды, — падзялілася Таццяна Мікалаеўна. — А ўявіце, калі ты заходзіш на тэматычны сайт і знаходзіш там яго імя, апісанні подзвігаў дзядулі, за якія ён атрымаў узнагароды. Такія моманты вельмі ўзрушваюць”. Удзельнікі пошукавага атрада “Памяць” абавязкова перадаюць свае веды малодшым школьнікам. У першую чаргу рыхтуюць музейны ўрок “Магілёўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. На ўроку гучаць паведамленні на тэму “Ордэн у тваім доме”, “Героі жывуць побач”, “Вайна вачыма яе ўдзельнікаў”, “Сівыя дзеці вайны”. Пры падрыхтоўцы да ўрока школьнікі вывучаюць шмат дакументаў, газетныя матэрыялы. Дэвізам пошукавага атрада раманавіцкай школы з’яўляюцца наступныя словы: “Назаві маё імя, і я буду жыць вечна”. Яны і жывуць вечна (тыя, хто загінуў пад Магілёвам у 1941-м), у памяці сучасных пакаленняў, у тым ліку настаўнікаў і вучняў.

Эмацыянальны аповед

Пра подзвіг герояў абароны Магілёва заўсёды будуць памя­таць і ў Буйніцкай сярэдняй школе. Па-іншаму і быць не можа. Школа размешчана недалёка ад знакамітага мемарыяльнага комплексу, з супрацоўнікамі якога наладжана цеснае ўзаемадзеянне ў плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. “Наша школа знаходзіцца на святой зямлі. Непадалёк размяшчаецца мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. І мы з асаблівым пачуццём шануем памяць воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аказваем шэфскую дапамогу ветэранам і дзецям вайны, ажыццяўляем догляд брацкіх магіл, размешчаных на тэрыторыі Буйніцкага сельскага Савета. У плане патрыятычнага выхавання мы актыўна супрацоўнічаем з пошукавым клубам “Віккру”. Яго ўдзельнікі, а таксама супрацоўнікі Музея гісторыі Магілёва аказваюць нашаму школьнаму музею метадычную дапамогу і дапаўняюць фонды каштоўным матэрыялам. Мы рэгулярна наведваем мемарыяльны комплекс. Сяброўскія адносіны склаліся з Пятром Іванавічам Хаванскім, які падрабязна расказвае нам пра абарону Магілёва, а таксама пра асаблівасці ваеннай тэхнікі, размешчанай на тэрыторыі комплексу”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Карына Мікалаеўна Чаўдар.

Гісторыя гераічнай абароны Магілёва, у прыватнасці, баі на Буйніцкім полі, з’яўляюцца адной з галоўных тэм даследчых работ, якія пад кіраўніцтвам загадчыка школьнага музея Людмілы Васільеўны Алтынавай пішуць вучні Буйніцкай сярэдняй школы. Па словах Людмілы Васільеўны, Буйніцкае поле вядомае ў першую чаргу як месца, дзе прайшлі жорсткія баі з танкавымі і пяхотнымі часцямі Вермахта. 3-ю танкавую дывізію і пяхотныя часці падтрымлівала артылерыя і авіяцыя. Супраць іх выступілі байцы 388-га стралковага і 340-га артылерыйскіх палкоў пад камандаваннем палкоўнікаў С.Ф.Куцепава і І.С.Мазалава.

“Раніцай 11 ліпеня зямля літаральна ўздрыгнула ад узрываў. Нямецкія бамбардзіроўшчыкі хваля за хваляй заходзілі ў тыл нашых войск. Пасля бамбардзіроўкі пачаўся артылерыйскі абстрэл. Потым пайшлі нямецкія танкі. Вораг быў настолькі ўпэўнены ў сваёй непераможнасці, што танкісты ехалі з адчыненымі люкамі, чырвонаармейцы маглі нават разгледзець твары салдат. Аднак пасля шчыльнага агню, адкрытага савец­кімі артылерыстамі, люкі былі зачынены. Падчас першага бою вораг страціў каля 300 чалавек забітымі, таксама было знішчана 20 танкаў. Раніцай 12 ліпеня ўвесь абарончы рубеж Чырвонай Арміі на подступах да Магілёва быў падвергнуты артылерыйскаму абстрэлу і бамбардзіроўцы.

Прыйшло паведамленне, што ў бярозавым гаі сканцэнтравалася група нямецкіх танкаў. Камандзір 340-га артылерыйскага палка палкоўнік Мазалаў даў каманду адкрыць агонь. Было падбіта 10 машын, аднак больш за 70 пачалі наступленне. Не вытрымаўшы агню артылерыі, нямецкія танкісты павярнулі да чыгуначнай станцыі. Там непадалёк знаходзілася батарэя савецкіх супрацьтанкавых гармат. Аднак варожым танкам удалося прабіцца ў глыб абароны 388-га стралковага палка і наблізіцца да танкавага рва. Тут яны трапілі пад агонь савецкай батарэі. Некалькім танкам усё ж удалося прарвацца праз савецкія абарончыя пазіцыі. Пехацінцы пачалі закідваць танкі бутэлькамі з гаручай сумессю. У бой уступіла нямецкая пяхота. Супраць яе выступіла 8-я стралковая рота. Баі ў гэты дзень цягнуліся 14 га­дзін. Было знішчана 39 нямецкіх танкаў, а таксама 350 салдат Вермахта”, — паведаміла Людміла Васільеўна.

Дзякуючы свайму эмацыянальнаму аповеду педагог з лёгкасцю пагружае экскурсантаў у атмасферу ваеннага часу. Здаецца, што ты, жыхар ХХІ стагоддзя, пераносішся на 80 гадоў назад, у ліпень ­1941-га. Ці змаглі б мы, прадстаўнікі пакалення гаджэтаў, інфармацыйных тэхналогій, гэтак жа мужна абараняць свой родны край? Ці змаглі б пайсці ў штыкавую? Ці хапіла б у нас мужнасці, як у тых 18-гадовых хлопцаў, якія загінулі на подступах да Магілёва, падысці да танка і кінуць у яго звязак гранат? Падобныя пытанні задаеш сабе кожны раз, калі слухаеш эмацыянальныя аповеды пра баі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Ваююць умела

Калі нас, прадстаўнікоў пакалення, якое не бачыла жахаў вайны, настолькі ўражваюць такія аповеды, то можна ўявіць, наколькі быў уражаны Канстанцін Сіманаў, калі ўбачыў вынікі баёў і паслухаў аповеды іх удзельнікаў. “З назіральнага пункта добра праглядваецца поле бою. Прымяўшы жыта, групамі ляжаць мёртвыя нямецкія салдаты. Чырвонаармейцы прыносяць кінутыя немцамі крыжы і медалі, разведчыкі падвозяць да штаба ўзятыя матацыклы і самакаты. Расце куча трафеяў. Палкоўнік Куцепаў падвёў вынікі дня: 39 разбітых варожых танкаў, да дзвюх рот знішчанай пяхоты, 2 грузавікі, штабная машына”. Тлумачыць франтавы карэспандэнт і тое, чаму чырвонаармейцы паспяхова адбіваюць атакі ворага: ­

“…Адразу бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць… Тут ваю­юць не толькі мужна, тут ваююць умела. Полк зарыўся ў зямлю. Дарэмна намагаліся выкалупаць яго нямецкая авіяцыя, артылерыя і танкі. Глыбокія поўнага профілю акопы забяспечаны трывалымі бліндажамі і моцнымі перакрыццямі. На-

дзейна абсталяваны назіральныя пункты. Многія кіламетры хадоў злучэння забяспечваюць бесперабойную сувязь. І полк адбівае адну за другой усе атакі немцаў…”.

Нягледзячы на мужнасць, страты Чырвонай Арміі ў баях пад Магілёвам былі вялікімі. Напрыклад, легендарны 388-ы стралковы полк, які налічваў 3183 чалавекі, амаль цалкам загінуў на Буйніцкім полі. Хаваць забітых таварышаў у байцоў проста не было фізічнай магчымасці, асабліва перад прарывам з акружэння, якое адбылося ў ноч на 26 ліпеня, таму іх закопвалі ў акопах або варонках ад узрываў снарадаў. На жаль, сярод салдат было такое павер’е, маўляў, калі запоўніш фармуляр медальёна, то абавязкова загінеш. Гэтым і ўскладняецца работа пошукавікоў. Добра, калі ў знойдзеных брацкіх магілах з астанкаў 10 чырвонаармейцаў імя толькі аднаго-двух удаецца высветліць.

Подзвіг герояў Буйніцкага поля не быў дарэмным. Сваёй адвагай яны затрымалі наступленне танкавых і пяхотных часцей Вермахта, што дазволіла вялікай колькасці нашых войскаў выйсці з акружэння. Гераічная абарона Магілёва садзейнічала таксама развіццю партызанскага руху ў Беларусі. Подзвіг абаронцаў Магілёва потым неаднаразова быў паўтораны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны жыхарамі іншых савецкіх гарадоў.

У пасляваенны час Буйніцкаму полю былі прысвечаны шматлікія творы. “О поле бою, Буйніцкае поле // Вясною, летам, восенню сырой // Выносіш ты ў разгорнутым прыполе // Мінулае з каменнем і жарствой”, — пісаў у сваёй “Баладзе пра Буйніцкае поле” Аляксей Пысін. Велічным помнікам у гонар абаронцаў Магілёва стаў мемарыяльны комплекс, створаны па праекце архітэктара Уладзіміра Чаленкі. Дамінантай комплексу з’яўляецца 27-метровая капліца, пад якой знаходзяцца астанкі чырвонаармейцаў, якія загінулі пад Магілёвам. Сёння мемарыяльны комплекс увахо­дзіць у многія турыстычныя маршруты.

80 гадоў мінула з таго часу, як над Буйніцкім полем грукацелі выстралы, а зямля літаральна дры­жэла ад узрываў снарадаў і бомб. Сёння тут усё па-іншаму, сотні адценняў шэрага змяніла рознакаляровая палітра мірнага жыцця: красуюць кветкі, гучаць дзіцячыя галасы, а над полем мужнасці і воінскай славы павольна праплываюць аблокі.

Ігар ГРЭЧКА.

свернуть

Унікальнасць Прыбужжа

20.04.2022
"Настаўніцкая газета" 29.03.2021 - 12:09 Родная зямля Брэсцкі раён — унікальны куточак Беларусі, які расцягнуўся ўздоўж Заходняга Буга амаль на 100 км. Сотня кіламетраў пралягае праз маляўнічыя прыродныя мясціны, каля адметных помнікаў гісторыі і архітэктуры. На гэтай сотні кіламетраў вас чакае мноства яркіх уражанняў. Хаця і некалькіх кіламетраў вандроўкі па Прыбужжы дастаткова, каб атрымаць незабыўныя эмоцыі.
развернуть

Маршрут на любы густ
Зіма вырашыла развітацца з намі ў перадапошні сакавіцкі панядзелак, акурат у дзень маёй камандзіроўкі. Таму не здзіўляйцеся “заснежаным” фотаздымкам. Зроблены яны не ў студзені або лютым, а ўсяго некалькі дзён назад. Як прырода шчодра засыпала маляўнічыя прасторы Прыбужжа снегам, гэтак жа і гісторыя шчодра адарыла Брэсцкі раён багатай спадчынай. Старадаўнія цэрквы і касцёлы — калі ласка. Прыгожыя палацы, рэшткі шляхецкіх сядзіб таксама ёсць. Паркі, закладзеныя ў мінулыя стагоддзі прадстаўнікамі знакамітых радоў, — і гэтым можна любавацца, прагульваючыся ціхімі прысадамі. А яшчэ тут шмат мясцін, праз якія можна пракласці цікавыя турыстычныя маршруты. І яны пракладваюцца, у прыватнасці, супрацоўнікамі Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна.
Калі захочаце наведаць 5-ы форт, а таксама іншыя аб’екты Прыбужжа арганізаванай групай, то варта скарыстацца транспартнымі паслугамі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Нявялікая падказка: у апошнюю пятніцу кожнага месяца для навучэнцаў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” плануецца 50-працэнтная скідка.

Як паведаміла дырэктар цэнтра Алена Пятроўна Падліпская, ва ўстанове рэалізуецца 15 адукацыйных праграм аб’яднанняў па інтарэсах па 4 профілях. Асноўны напрамак — турысцка-краязнаўчы. Працуюць аб’яднанні па інтарэсах на базе 10 устаноў адукацыі раёна. Найбольшая колькасць у сярэдніх школах Новых Лышчыц і Дамачава. У рабоце аб’яднанняў актыўна выкарыстоўваюцца школьныя стадыёны, спартыўныя залы і пляцоўкі. У красавіку мінулага года на базе сярэдняй школы Мухаўца быў уведзены скаладром, дзе праводзяцца спаборніцтвы раённага ўзроўню, ажыццяўляюцца трэніроўкі навучэнцаў. Таксама даволі актыўна праводзяцца трэніроўкі на вяровачным парку. У раёне дастаткова палігонаў для спартыўнага арыентавання. У першым паўгоддзі гэтага навучальнага года сярод спартыўна-масавых мерапрыемстваў былі праведзены спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні сярод навучэнцаў Брэсцкага раёна, адкрытае першынство раёна па спартыўным арыентаванні “Прыбужская восень”, навучэнцы зборнай раёна ўдзельнічалі ў Кубку Брэсцкай вобласці памяці У.А.Прудэлюка.

Калі ў раённым цэнтры турызму і краязнаўства ўхіл робіцца на турыстычна-спартыўны складнік, то ў краязнаўчым аспекце Прыбужжа актыўна вывучаюць педагогі і навучэнцы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Кіраўнікі і ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Юны краязнаўца”, “Географы-краязнаўцы”, “Юныя экскурсаводы”, “Гісторыкі-краязнаўцы”, “Юныя этнографы” прайшлі пехатой, праехалі на веласіпедах сотні кіламетраў краязнаўчых дарог Прыбужжа. Некаторую частку гэтых маршрутаў мы пераадолеем разам з загадчыкам аддзела краязнаўства абласнога цэнтра кіраўніком аб’яднання “Гісторыкі-краязнаўцы” Аляксандрам Пятровічам Строкачам. Да нашага падарожжа далучацца загадчык філіяла “Музей 5-ы форт” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Аляксандравіч Каркатадзэ і дырэктар сярэдняй школы Скокаў Валянціна Андрэеўна Саявец.

“Наш раён прыгранічны, размешчаны ўздоўж Заходняга Буга, таму тут перапляліся беларускія, украінскія, рускія, польскія культурныя традыцыі. Шмат самых розных помнікаў гісторыі. 60 кіламетраў на поўдзень ад Брэста — і вы ў Тамашоўцы, на малой радзіме Пятра Клімука, дзе ў мясцовай школе размешчаны музей касманаўтыкі. У тых мясцінах знаходзіцца і рэспубліканскі заказнік “Прыбужскае Палессе”, які спалучаецца з Шацкімі азёрамі Украіны. На поўначы раёна ў Чарнаўчыцах з XVI стагоддзя стаіць унікальны мураваны касцёл. У Збірагах — драўляны праваслаўны храм пачатку XVII стагоддзя. І такіх прыкладаў вялікае мноства. І праз усе гэтыя аб’екты пралягаюць нашы краязнаўчыя маршруты. Калі, скажам, у Тамашоўку пешы маршрут доўжыцца некалькі дзён, то да форта № 5 або сядзібы Нямцэвічаў, размешчаных каля самага Брэста, дастаткова і аднадзённага”, — расказвае Аляксандр Пятровіч.
Таямніцы форта
Апошні раз маштабнае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Беларусі праводзілася ў 60-я гады. З таго часу тэрыторыя большасці раёнаў не мянялася. Зусім іншая сітуацыя з раёнамі, цэнтры якіх — абласныя гарады, у прыватнасці, Брэст. Горад актыўна забудоўваецца, прырастае новымі мікрараёнамі, як вынік — практычна кожны год паглынае новыя вёскі, размешчаныя ў прыгарадзе. Прычым тэрыторыя горада разрастаецца так актыўна, што не на ўсіх сучасных картах праўдзіва адлюстроўваюцца яго межы. Напрыклад, на Google-карце і цяпер форт № 5 пазначаны як тэрыторыя Брэсцкага раёна, хаця афіцыйна ён ужо ўключаны ў склад горада. На жаль, пра гэтую акалічнасць я даведаўся толькі падчас камандзіроўкі, аглядаючы велічныя ўмацаванні, засыпаныя сакавіцкім снегам. Карэкціраваць запланаваны маршрут ужо было немагчыма, таму будзем лічыць, што мы здзейснілі невялікае падарожжа ў часе і форт № 5, які мы зараз наведаем, уваходзіць у склад Брэсцкага раёна.

Форт хоць і знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад цэнтральнай часткі Брэсцкай крэпасці, і дабірацца туды не заўсёды зручна, але ён абавязковы для наведвання. Па словах Аляксандра Аляксандравіча Каркатадзэ, каб зразумець, што такое крэпасць як фартыфікацыйны аб’ект, трэба абавязкова ехаць у 5-ы форт. Наведванне самой крэпасці на беразе Мухаўца і 5-га форта павінны быць у пары. Тады ў наведвальнікаў атрымліваецца цэласная гістарычная ацэнка, што такое крэпасць, для чаго яна пабудавана, якія падзеі адбываліся на яе тэрыторыі ў розныя перыяды. Да таго ж многія збудаванні форта захаваліся ў выдатным стане, а экскурсія па іх будзе сапраўдным квестам. Дарэчы, збіраючыся ў 5-ы форт, не забудзьце пра цёплае адзенне, а таксама ліхтарыкі, таму што частка экскурсіі будзе праходзіць па цёмных, неасветленых бетонных сутарэннях, якія прыхоўваюць шмат таямніц.

Пяты форт з’яўляецца ўнікальным помнікам фартыфікацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Будаваўся ў некалькі этапаў. Спачатку ў 1879—1880 гадах, пасля ў 1886—1889 гадах была праведзена яго мадэрнізацыя. Пабудаваны два капаніры і два паўкапаніры для абстрэлу вадзянога рова, а таксама цагляныя казематы. У 1906—1913 гадах пад кіраўніцтвам ваеннага інжынера Івана Бялінскага форт істотна ўзмацнілі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут размяшчалася 6-я рота артылерыі. За перыяд першай паловы ХХ стагоддзя ў форце размяшчаліся розныя арміі. Так, з 1915 па 1918 год у форце кайзераўскія войскі, з 1921 па 1939 год былі склады польскай арміі, а з красавіка 1941 года тут размяшчаўся 3-ці батальён 44-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі. У першы ж дзень Вялікай Айчыннай вайны форт захапілі салдаты вермахта. У ліпені 1944 года, як і ўся тэрыторыя Брэсцкага раёна, форт быў вызвалены байцамі Першага Беларускага фронту. У пасляваенныя гады ў форце размяшчаліся вайсковыя склады, з канца 60-х гадоў ён стаяў у запусценні.
Новае жыццё форта пачалося ў 1995 годзе, калі ён быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе стаў філіялам мемарыяльнага комплексу, у тым жа годзе была праведзена першая экскурсія, а 8 мая 2000 года адкрыта і першая выстава. У апошнія гады (калі не ўлічваць перыяд пандэміі) 5-ы форт з’яўляецца папулярным турыстычным аб’ектам. Напрыклад, у 2019 годзе філіял наведала 231 група, а гэта каля 22 700 чалавек, значную частку якіх складаюць навучэнцы. Дарэчы, сёлета на перыяд вясновых канікул на кожны дзень запісана па некалькі экскурсійных груп. Калі захочаце наведаць 5-ы форт, а таксама іншыя аб’екты Прыбужжа арганізаванай групай, то варта скарыстацца транспартнымі паслугамі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Нявялікая падказка: у апошнюю пятніцу кожнага месяца для навучэнцаў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” плануецца 50-працэнтная скідка.

У музейных залах, аформленых у памяшканнях былой казармы, наведвальнікі знаёмяцца з гісторыяй фартыфікацыі на беларускіх землях. Расказваецца пра стварэнне Камянецкай вежы, Ляхавіцкага замка, Бабруйскай крэпасці, замкаў у Міры, Нясвіжы. Паступова, эпоха за эпохай, экскурсантаў падводзяць да гісторыі Брэсцкай крэпасці. Падрабязна расказваецца пра крэпасць як сістэму фартыфікацыйных аб’ектаў, біяграфію ваенных інжынераў, якія прымалі ўдзел у будаўніцтве і мадэрнізацыі крэпасці, экскурсанты наведаюць стылізаваную ваенную канцылярыю канца ХІХ стагоддзя, азнаёмяцца з бытам салдат таго часу. За паўтары гадзіны, якія праляцяць незаўважна, у бетонных капанірах і паўкапанірах наведвальнікі пабачаць і пачуюць шмат цікавага, пабываюць у падземных галерэях (патэрнах). А што такое цікавае чакае наведвальнікаў, вы можаце даведацца дзякуючы гэтым фотаздымкам. Але, пагадзіцеся, лепш ад зін раз убачыць у рэальнасці, чым сто разоў на фотаздымку. Вас з радасцю сустрэнуць і ў абласным цэнтры турызму і краязнаўства, і ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, і ў яго філіяле “Музей 5-ы форт” — яго новай экспазіцыі. Так што пры магчымасці наведайцеся на Прыбужжа. А мы працягнем нашу вандроўку. І з ваеннай тэматыкі, тэматыкі фартыфікацыйных пагранічных збудаванняў, пераключымся на тэматыку шыкоўных палацаў, архітэктурных стыляў і адправімся ў знакамітыя Скокі, у былыя ўладанні Нямцэвічаў.
Знакамітая сядзіба

Перад тым як наведацца ў Скокі, варта прачытаць кнігу кандыдата фізіка-матэматычных навук, выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, апантанага краязнаўца Анатоля Антонавіча Гладышчука “Нямцэвічы. Сапраўдная гісторыя”. Перад вамі паўстане яркае жыццё знакамітага роду, кніга настроіць вас на адпаведны лад, ад чаго экскурсія па палацы і старадаўнім парку будзе асабліва запамінальнай і цікавай. Прадстаўнікі роду Нямцэвічаў былі высокаадукаванымі, таленавітымі людзьмі, яны актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці краю. Гэтыя мясціны памятаюць такіх асоб, як Аляксандр ІІІ, Міхал Агінскі, Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, якія гасцявалі ў Нямцэвічаў, у вось гэтым самым палацы, што вы бачыце на фотаздымку. Дарэчы, будынак палаца Нямцэвічаў — найбольш значны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Прыбужжа, найстарэйшы будынак свецкай архітэктуры на тэрыторыі сучаснага Брэсцкага раёна, узведзены ў стылі барока. Самым знакамітым прадстаўніком роду з’яўляецца Юльян Урсын Нямцэвіч — літаратар, гісторык, грамадскі дзеяч.

“Былая сядзіба Нямцэвічаў — гэта дарагое для нас, мясцовых жыхароў, месца, асабліва для нашай школы, бо ў будынку сядзібы ў пасляваенны час аж да 1986 года знаходзілася школа. Для мяне гэтае месца ўтрайне дорага. Па-першае, я ўраджэнка Скокаў. Усе мае продкі адсюль. Па-другое, я скончыла гэтую школу. Па-трэцяе, у ёй я пачынала працаваць. Усе тыя звесткі, якія сёння вядомы нам пра Нямцэвічаў, пачыналі збіраць менавіта настаўнікі. Яшчэ ў 80-я гады мы з калегамі пачалі цікавіцца гісторыяй сядзібы пасля таго, як аднойчы ў вясковай бібліятэцы трапілі на артыкул пра нашу вёску, якая раней называлася Валькавічы, потым, ужо не менш як тры стагоддзі, — Скокі. Нам стаў цікавы лёс яе былых уладальнікаў, бо да гэтага ніхто і не ведаў, як іх звалі. Мясцовыя жыхары ў сваіх успамінах гаварылі “пан”, “пані”, а як іх звалі, якое ў іх было прозвішча, чамусьці ніхто не ўзгадваў, ды і не прынята было тады вывучаць падобную тэму. У тыя часы сярод мясцовых жыхароў было шмат людзей, якія памяталі Нямцэвічаў і нават працавалі ў іх. Напрыклад, школьная прыбіральшчыца баба Ядзя працавала пакаёўкай. Яна часта расказвала пра былыя часы, паказвала, дзе ў будынку знаходзіўся камін, дзе якая мэбля стаяла, як праводзіліся балі”, — паведаміла Валянціна Андрэеўна Саявец.
Калі ў 1986 годзе была ўзведзена новая школа, то ў будынку сядзібы планавалася стварыць і музей, і школу мастацтваў. Але толькі прыкладна ў 2007 годзе пачалася яго рэканструкцыя. Наогул, пачатак актыўнаму даследаванню гісторыі роду Нямцэвічаў з далучэннем шырокіх колаў грамадства стаў весціся ў 2002 годзе, пасля міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Юльяну Нямцэвічу, якая прайшла ў Брэсце. Шмат людзей было зацікаўлена ў адраджэнні гэтай сядзібы, у тым ліку настаўнікі, а таксама аўтар ужо згаданай кнігі Анатоль Гладышчук. Настаўнікі па крупінках збіралі інфармацыю, звязваліся з архівамі, у тым ліку замежнымі. Дарэчы, тады на канферэнцыю завітала Тэрэза Вярыха — апошняя з нашчадкаў Нямцэвічаў, якая нарадзілася ў Скоках у 1925 годзе. Яна прыехала з двума ўнукамі. Шмат цікавых успамінаў пакінула жанчына. Праз некаторы час нашчадкі знакамітага роду перадалі ў школу 12 копій старых фотаздымкаў фармату А4 з сямейнага архіва з выявамі інтэр’ераў палаца, парку. Сённяшняя экспазіцыя, размешчаная ў палацы, фактычна пачала сваё існаванне з тых краязнаўчых крупінак, якія сабрала школа, у якой калісьці дзейнічаў музейны пакой.

“У нашай школе праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Нямцэвічам, у першую чаргу Юльяну. У нас быў краязнаўчы клуб, які займаўся вывучэннем гісторыі роду і нашай вёскі, — працягвае дырэктар школы. — Другі напрамак — тэатральная студыя. Ёй ужо каля 20 гадоў. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў пераклалі з польскай мовы на беларускую адну з п’ес Нямцэвіча. Апошні раз яе пастаноўка была ў 2018 годзе з нагоды 260-гадовага юбілею Юльяна Нямцэвіча. Калі ў школе дзейнічаў музейны пакой, то мы распрацавалі па ім экскурсіі, да нас прыязджалі вучні з навакольных вёсак, школ Брэста. Сёння разам з супрацоўнікамі сядзібы Нямцэвічаў мы праводзім шмат розных мерапрыемстваў. Напрыклад, на базе сядзібы дзейнічае краязнаўчы гурток пад кіраўніцтвам былой настаўніцы гісторыі Людмілы Аляксееўны Пальм. У гуртку займаюцца нашы вучні. Дарэчы, пад кіраўніцтвам Людмілы Аляксееўны вучаніца 9 класа Ганна Галубковіч напісала даследчую работу “Ёсць такая вёска” і атрымала дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ навучэнцаў. У залах сядзібы праводзім вучэбныя заняткі, у першую чаргу па гісторыі і мастацкай культуры. Тут ярка прадстаўлены і архітэктура, і жывапіс, і побыт. Усім гэтым мы карыстаемся. Асаблівая дата для скокаўскіх настаўнікаў і вучняў — 16 лютага, дзень нараджэння Юльяна Нямцэвіча. Традыцыйна з яе нагоды ў школе сумесна з супрацоўнікамі сядзібы праводзіцца тыдзень, прысвечаны знакамітаму земляку”.
Не пашкадуеце!

Прыбужжа — унікальны паўднёва-заходні куточак Беларусі. Тут і старадаўнія цэрквы, і касцёлы, і прыгожыя палацы, і рэшткі шляхецкіх сядзіб, і паркі, закладзеныя ў мінулыя стагоддзі прадстаўнікамі знакамітых родаў. Шмат цікавага чакае вас падчас падарожжа ўздоўж Заходняга Буга. Знайдзіце некалькі дзён для вандроўкі ў Брэсцкі раён, не пашкадуеце!

Ігар ГРЭЧКА.

 

 

свернуть