"Мы вясну гукаем" - 2023

10.04.2023

Гуканне вясны ў розных рэгіёнах нашай краіны адбывалася па-свойму, асабліва.  Беларусь – старажытная краіна, у нас усё настолькі варыятыўна, што нават ў суседніх вёсках могуць быць розныя абрадыч

Гуканне вясны – гэта не свята аднаго дня, а хутчэй працэс, цыкл святаў, гулянняў. Паўсюдна па Беларусі вясну пачыналі клікаць ад моманту з’яўлення праталінаў, але дзе-нідзе маглі ўжо і ад Масленкі.  Гукалі ледзь не кожны дзень, аж да Звеставання (ці Дабравешчання, у гэтым годзе прыпадае на 7 красавіка). Пасля гэтага гукальныя песні сціхаюць, пачынаецца час іншых веснавых песень.

Існуе мноства варыянтаў правядзення абрадаў. Звычайна гукаць вясну выходзілі на высокія пагоркі. Там раскладвалі вогнішча (гэта называлі “грэць зямлю”), пяклі  яешню, як сонечную старажытную рытуальную страву. Ладзілі танцы, гульні, скокі, спявалі песні, вадзілі карагоды… У мясцовасці, дзе няма пагоркаў, залазілі нават на дахі хат, паграбоў, маючы на мэце “дакрычацца, дагукацца” да Бога, каб хутчэй прыходзіла вясна.

Улюбёны занятак моладзі на вясновых гуляннях – гушкацца на арэлях. Хлопцы разгойдвалі дзяўчат як мага вышэй, а яны спявалі песні, калі падляталі наверх, агу̀калі, вясну клікалі. Яшчэ цікавая  забава:  скакаць на дошцы – даўгую трывалую дошку клалі на калодку, нібыта гушкалку: адна дзяўчына падскоквала на ёй, а другая падлятала ўверх. Верылі: чым вышэй скакаць ці разгойдвацца на арэлях, тым вышэй парасце лён.

Гукальныя песні. Ёсць песні, заклічкі, огулькі, як іх завуць на Падляшшы, яны непасрэдна адносяцца да гукання вясны, ёсць прымеркаваныя да вясновых святаў – велікодныя, траецкія, русальныя, стрэльныя (абрад “Пахаванне стралы” на Гомельшчыне); ёсць проста прымеркаваныя да вясны, якія можна спяваць у любы час веснавой парой.

Распачынаюць свята дзяўчаты, што на высокай горцы заводзяць гукальныя песні, перагукаюцца з горкі на горку. Потым, пабраўшыся за рукі і прыхапіўшы ўсіх ахвочых, вялізным карагодам спускаюцца з гары і абыходзяць усе святочныя пляцоўкі пад карагодныя песні. Пасля пачынаюцца гульні, танцы, гушканне на арэлях…. Для гасцей фэсту ладзіцца кірмаш.

Есць цыкл гульняў, якія прымеркаваныя толькі для вясны, якія потым увесь год не гуляюць. Напрыклад, гульня «Проса».

Да святаў вясновага цыклу прымеркваны прыгожы абрад, калі выпякаюць печыва ў выглядзе жаваранкаў. Раней, на Саракі, выпякалі 40 жаваранкаў і верылі , што ў гэты дзень вяртаюцца птушкі. Гэтае печыва раздавалі дзецям, тыя падкідалі яго ўгору, заклікаючы птушак хутчэй вяртацца і прыносіць вясну. Форма печыва залежыць ад рэгіёна, дзе яго выпякалі. На Гомельшчыне нажом выразалі з цеста пляскатыя выявы птушак, называліся яны чыркамі. На Палессі рабілі галёпы – своеасаблівае печыва ў форме буслінай лапы. Пякуць адмысловыя булачкі-жаваранкі, якія вядомыя па розных раёнах Беларусі.

Вясна – прыродная з’ява, таму святкавалі яе надыход заўжды на двары, на вольным паветры. Нам, гарадскім жыхарам, не трэба загадваць на будучы ураджай ці на скаціну, таму застаюцца толькі элементы абрадаў, сімвалы, але самыя паэтычныя і прыгожыя. Мы ўсе  любім вясну, чакаем яе пасля халадоў. Усім хочацца выбрацца з зімовых памяшканняў на сонейка. Ад нашых продкаў у гэтым мы не моцна адрозніваемся, хоць  для іх вясна была больш значным, жыццядайным часам, надзеяй на новае, яе сустракалі з радасцю і ўдзячнасцю, перажыўшы цяжкую і небяспечную зіму.  Гэтую пару года чакалі і чакаем, таму што гэта ў нашых генах закладзена, вясна са старажытных часоў –– сапраўдны пачатак, не толькі земляробчага года, а любога іншага. Новае жыццё адраджаецца, усё квітнее. 

https://alovakmag.by/nathnenne/tradytsyi-gukanne-vyasny.html 

 

Праспявайце са сваімі дзеткамі песню з веснавога цыкла.

"Жавароначкі" 

Жавароначкі прыляціце
вясну красную прынясіце
каб сонейка засвяціла
каб снег белы растапіла
каб садзікі расквяціла

Жавароначкі прыляціце
цёпла лецейка прынясіце
а зімачку прыбярыце
бо зімачка надаела
нам хлебушкі пераела

Жавароначкі прыляціце
землю-матухну абудзіце
і дожджыкам напаіце
каб травачкі нарасціла
і волікаў накарміла.